У французскім Дыжоне кіроўца наязджаў на пешаходаў з крыкам "Алах Акбар"
Паведамляецца, што гэта, хутчэй за ўсё, псіхічна неўраўнаважаны чалавек.
Кіроўца, які выкрыкваў "Алах Акбар", збіў 11 пешаходаў у розных частках французскага горада Дыжон. Па звестках французскіх СМІ, два пацярпелыя атрымалі сур'ёзныя цялесныя пашкоджанні, але іх жыццю нічога не пагражае.
За паўгадзіны мужчына здзейсніў па меншай меры пяць наездаў на пешаходаў, пасля чаго яго арыштавалі, перадае ВВС. Паведамляецца, што гэта, хутчэй за ўсё, псіхічна неўраўнаважаны чалавек, які праходзіў лячэнне ў псіхіятрычнай лякарні.
Дарэчы, у суботу французскія паліцыянты застрэлілі мужчыну, які накінуўся на іх з нажом і таксама з крыкам "Алах Акбар".
Мусульманская грамада ў Францыі — самая буйная ў Еўропе, яе колькасць ацэньваецца ў 5-6 мільёнаў чалавек.
Фота — AFP