У галадоўцы салідарнасці ўдзельнічаюць ужо 20 чалавек

Да бестэрміновай галадоўкі салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Ўладзімірам Асіпенкам далучылася яшчэ сем грамадскіх актывістаў. Агулам у акцыі бяруць удзел 20 чалавек. Як паведамляе БелаПАН, да галадоўкі далучылася Мар'яна Груздзіловіч, якая будзе галадаць дома, а таксама сябры "Маладога фронту" Ірына Губская і Глеб Снаркін. Плануецца, што яны будуць галадаць у офісе Партыі БНФ разам з асноўнай групай удзельнікаў акцыі салідарнасці.

Таксама да акцыі далучыліся Сяргей Антошанкаў, Ігар Кісель, які жыве ў Францыі, і Алег Алкаев, які жыве ў Нямеччыне. Яны будуць галадаць па месцы жыхарства. Пра далучэнне да "хатняй галадоўкі" заявіў сябра Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Зміцер Бутэнка.