У Гомелі прарвало цеплатрасу: з-пад асфальта біў 15-метровы фантан (фота)

Буйная аварыя на цеплатрасе адбылася 23 траўня ў Гомелі на праспекце Кастрычніка. З ліўневага калектара на праезнай частцы раптоўна забіў “фантан” вады, вышыня якога была з пяціпавярховы дом, то бок, прыкладна 15 метраў. Здымкі з месца аварыі, зробленыя выпадковымі відавочцамі, з’явіліся ў Жывым Журнале.

Як патлумачылі Onliner.by у філіяле “Гомельскія цеплавыя сеткі”, якраз у гэтым раёне праводзяцца прафілактычныя працы. Падчас выпрабаванняў сеткавая вада прарвала трубу.

На шчасце, пашкоджаная цеплатраса фантаніравала нядоўга — ваду перакрылі, ніхто ў выніку здарэння не пацярпеў. Паводле гомельскіх энергетыкаў, кожны год здараецца каля 80 аварый на зношаных цепласетках.

Фота: anonimusi.livejournal.com