У Гомелі ў навагоднюю ноч не зарэгістравалі ніводнага злачынства

Толькі ўвечары 31 снежня міліцыя зафіксавала адно нажавое раненне: пацыенты абласной туберкулёзнай лякарні напіліся і пасварыліся. Сама ж навагодняя ноч была без крыміналу, перадае БелаПАН са спасылкай на Ўпраўленне ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму.  Па вобласці за першыя суткі новага года зарэгістравалі 70 злачынстваў і ўсе яны здзяйсняліся ў дзённы час. У міліцыі адзначаюць, што п’яных на святы стараліся не змяшчаць у выцвярэзнік, але адпраўлялі дадому са знаёмымі і сваякамі. У выцвярэзнік змяшчалі толькі тады, калі чалавек быў адзін і знаходзіўся ў такім стане, што папросту не мог арыентавацца на мясцовасці. Такіх у Гомелі было пяцёра.

Што да забаваў з петардамі, то ў абласным цэнтры для гэтага адвялі спецыяльныя месцы і ў выніку ніхто не пацярпеў.