У Гродне падземны выбух электрычнасці пашкодзіў аўтобусны прыпынак (відэа)
Пазбегнуць чалавечых ахвяр дапамог толькі выпадак.
Нетыповая сітуацыя адбылася на вуліцы Церашковай, паведамляе БелТА. Паводле інфармацыі відавочцаў, каля 6.30 раніцы на канцавым прыпынку грамадскага транспарту адбыўся моцны выхлап, які перавярнуў лаўку і пашкодзіў тратуарную плітку. На шчасце, аўтобус незадоўга да гэтага паспеў забраць людзей з прыпынку і ў выніку здарэння ніхто не пацярпеў.
Як растлумачыў дырэктар Гродзенскіх электрасетак Віктар Зубрыцкі, адбылося кароткае замыканне ў сістэме электразабеспячэння, не вытрымала напружання злучальная муфта кабеля ў 10 000 вольт. Пад зямлёй утварылася электрычная дуга і зона ціску, у выніку чаго адбыўся выкід зямлі, які пашкодзіў прыпынак.
“Наступствы маглі быць горшымі, калі б там апынуліся людзі. На шчасце, гэтага не адбылося. Магу сказаць, што ў гэтым месцы прыпынак грамадскага транспарту быў пабудаваны без ўзгаднення з намі. Тут побач з тратуарам праходзіць кабель высокага напружання. У ліпені работнікі "Рэмбудаўтадора" пашкодзілі яго пры правядзенні будаўнічых работ, мы тады выканалі рамонт. Цяпер зноў паўстала аварыйная сітуацыя. Відавочна, што прыпынак неабходна перанесці ў іншае месца”, - сказаў ён.
Па словах Віктара Зубрыцкага, ужо скончаны рамонт кабеля, спецыялісты замянілі злучальную муфту, электразабеспячэнне прылеглай тэрыторыі адноўленае.