У Гродне траіх чалавек, якія абаранялі дрэвы ад вырубкі, забрала міліцыя

Каля 10 гадзін раніцы у Гродне на ўскрайку Швейцарскай даліны працаўнікі "Гродназелянбуду" пачалі пілаваць ліпы і клёны. На абарону дрэваў сталі выкладчык і краязнаўца Ігар Лапеха, актывіст "Руху за свабоду" Эдуард Дзьмухоўскі і Надзея Крапівіна, жыхарка дому, які знаходзіцца непадалёк. Яны лічаць, што дрэвы здаровыя, таму пілуюць іх незаконна. Каб спыніць працу, Ігар і Надзея селі пад двума ацалелымі дрэвамі і не рухаліся з месца. У адказ ім паказалі акт, у якім дазволена знішчыць тры клёны і шэсць ліп. Пад ім стаялі подпісы начальніка гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, намесніка дырэктара унітарнага прадпрыемства "Гродзенская гарадская жыллёвая гаспадарка", а таксама дырэктара "Гродназелянбуду" - арганізацыі, якая на спілоўцы дрэваў зарабляе грошы. З просьбай знішчыць клёны і ліпы звярнуўся дырэктар Гродзенскага каледжу камунальнай гаспадаркі, на балансе якога яны знаходзяцца.

Ён лічыць, што старыя дрэвы могуць абваліцца на вучняў. Акрамя гэтага яны робяць вільготным фасад будынку, побач з якім растуць, а яго нядаўна капітальна адрамантавалі. За знішчэнне дрэваў каледж заплаціў 2 мільёны 300 тысяч рублёў. На месца выклікалі міліцыю. Абаронцаў прасілі пакінуць пляцоўку і звярнуцца са сваімі патрабаваннямі ў пракуратуру.Тыя адказалі, што ў пракуратуру ўжо даслалі ліст.

Паколькі ніхто з іх не варухнуўся, міліцыя пад прымусам адвяла іх у дзяжурныя аўтамабілі.