У Гродне тым, хто ўзлезе на пажарную вежу, даюць даведку аб мужнасці

Такую цікавостку для турыстаў прыдумала адміністрацыя музея пажарнай справы, які з’явіўся на месцы былых каралеўскіх стайняў побач з гродзенскімі замкамі. Яшчэ напрыканцы XIX ст. тут на месцы былых каралеўскіх стайняў пабудавалі пажарнае дэпо, а ў 1902 г. побач з’явілася пажарная вежа, трапіць у якую доўгі час было немагчыма. Цяпер залезці на яе могуць наведнікі музею, часткай якога яна з’яўляецца. Наверх вядзе стромкая лесвіца з драўлянымі прыступкамі. Далей – акрытая пляцоўка, з якой бачна панарама горада. Праўда, выйсці на яе адважваюцца не ўсе. Затое тым, хто пераадолее 120 прыступак, выдаюць сертыфікат “за мужнасць і вынослівасць” з подпісам начальніка абласнога ўпраўлення МНС Анатоля Бабія.

Экспазіцыя размясцілася ў дзвюх залах. Яна распавядае пра гісторыю пажарнай справы на Гродзеншчыне, пачынаючы з ХІІ ст. У вялікай зале можна ўбачыць старыя здымкі, дакументы, касцюмы і прыстасаванні. Сярод іх - пажарная помпа пачатку ХХ ст., зробленая ў Варшаве на фабрыцы братоў Мендэль, і адмысловы календар для пажарных 1930-х гг.

Меншая зала прысвечана страшнаму пажару 1885 г., які ператварыў у попел большую частку горада. Каб наведнікам не надакучыла чытаць пра гэту падзею на стэндзе, тут зрабілі дыяраму з гукавым і светлавым афармленнем. Дзякуючы ёй можна ўбачыць, як першай пачала гарэць Малая Траецкая вуліца і куды полымя перакінулася пасля. Паслухаць, што ўзгадвалі відавочцы і як апісала здарэнне вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка. Менавіта яна стварыла тады камітэт дапамогі пагарэльцам. Пасля гэтага ў Гродне 11 чэрвеня 1898 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Гродзенскага пажарнага таварыства. Яго старшынём абралі гарадскога галаву Міхайлоўскага.

Аліна Кашкевіч, Гродна