У Гродне з удзелам Андрэя Хадановіча пройдзе Агульнанацыянальная дыктоўка

ІІІ Агульнанацыянальная дыктоўка  “Гародня, будзьма з мовай-2010!” ладзіцца ў Гродне 21 сакавіка. Яе арганізатарамі выступаюць Таварыства беларускай школы і Гродзенская філія руху "За Свабоду".  Тэкст дыктоўкі прачытае паэт Андрэй Хадановіч. Вядома, што гэта будзе ўрывак з твору Ўладзіміра Караткевіча. Пасля мерапрыемства для ўдзельнікаў запланаваныя прыемныя сюрпрызы: Хадановіч абяцае гродзенцам літаратурна-музычную імпрэзу, а арганізатары — смачныя пачастункі.

“Мэта такіх мерапрыемстваў — прадэманстраваць салідарнасць з беларускай мовай, з беларускай незалежнасцю. Засведчыць усяму свету і сабе, што беларуская мова жывая і мае ў нашым горадзе шмат прыхільнікаў! Мы пастараемся падрыхтаваць ўсё належным чынам, каб да дыктоўкі далучылася як мага больш удзельнікаў, каб была мажлівасць у сяброўскім асяроддзі добра правесці час. Зробім гэта разам 21 сакавіка а 12 гадзіне па адрасе: Будзёнага 48а — 100 (зала ва ўнутраным дворыку)”, — гаворыць адзін з арганізатараў Эдвард Дмухоўскі.