У Кіеве аб'яўлена аб стварэнні аб`яднанай апазіцыі на чале з Юліяй Цімашэнка

Пяцітысячнае веча народна-патрыятычных сілаў у Кіеве ў дзень нараджэння вялікага Кабзара, ля помніка Тарасу Шаўчэнку аб'явіла аб стварэнні аб`яднанай дэмакратычнай  апазіцыі на чале з Юліяй Цімашэнка.   "Для тых, хто хоча перамагчы чарговую антыўкраінскую "ЯнуКучму", адказ просты: аб'ядноўвацца ў кулак і быць моцнымі. Сёння мы мацней, таму што ведаем сваіх здраднікаў. Іх тут ужо няма. Апазіцыя — выдатны час, Юлія Ўладзіміраўна, гэта час, нарэшце, калі каля Вас застануцца байцы, а не тыя, хто прыйшоў за пахлёбкай, гэта час, калі перакананні кожнага правяраюцца не грашовымі знакамі, а перакананнямі", — заявіў экс-міністр унутраных спраў, лідэр грамадзянскага руху "Народная самаабарона" Юрый Луцэнка.

На думку намесніка старшыні Украінскай сацыял-дэмакратычнай партыі Алены Шусцік, вынікі прэзідэнцкіх выбараў сталі следствам няздольнасці дэмакратычных сілаў аб'яднацца дзеля перамогі: "Януковіч прыйшоў да ўлады не толькі за кошт татальных фальсіфікацыяў і запалохвання насельніцтва, а з-за адсутнасьці адзінства ў дэмакратычных шэрагах. Некаторыя вядомыя нам палітыкі паставілі свае ўласныя амбіцыі і матэрыяльныя выгады нашмат вышэй нацыянальных інтарэсаў".

Пераход у апазыцыю і абранне сваім лідэрам Юліі Цімашэнка падтрымалі не толькі тыя  палітычныя сілы, якія ўваходзяць у Блок Юліі Цімашэнкі, але і тыя, якія на апошніх парламенцкіх выбарах абіраліся ў блоку экс-прэзідэнта Віктара Юшчанкі — Грамадзянскі рух "Народная самаабарона", Народны рух Украіны, Хрысціянска-дэмакратычны саюз і шэраг грамадскіх арганізацый.  

Парк імя Тараса Шаўчэнкі для Украіны з'яўляецца сімвалічным месцам. У савецкія часы менавіта сюды прыходзілі дысідэнты, апанаваныя ідэяй незалежнасці Ўкраіны, пазней менавіта тут нарадзіўся рух "Украіна без Кучмы". 

"Гэтая хваля перарасла ў вядомую ўсяму свету Памаранчавую рэвалюцыю. Я хачу, каб мы ніколі не хавалі вочы і не шкадавалі — мы з вамі ўсё рабілі правільна, мы ішлі па тым шляху, які быў адзіна магчымым для ўкраінскай нацыі, і мы тады прадэманстравалі ўсяму свету, што Ўкраіна ёсць, што за гады незалежнасці сфарміравалася ўкраінская палітычная нацыя. Мне вельмі шкада, што Віктар Юшчанка, які стаў прэзідэнтам, не ўбачыў гэтага. Ён абвясціў сумнеўную заяву пра тое, што дзяржава ёсць, а нацыі няма. Я перакананая, што ў нас ёсць вялікая нацыя, якая зарадзілася, у тым ліку, і дзякуючы Тарасу Шаўчэнку. Мы — вялікая нацыя", — заявіла лідэр аб'яднанай апазыцыі Юлія Цімашэнка.