У Кіеве здзейснілі напад на скандальны тэлеканал “Інтэр”
Па факце нападу заведзеная крымінальная справа.
У суботу ўвечары каля 20 невядомых у масках здзейснілі напад на офіс тэлеканалу “Інтэр” у Кіеве, інфармуе УНІАН.
Нападнікі закідалі будынак камянямі, у выніку чаго пашкодзілі шкляныя вокны ўваходнай зоны на 1-м паверсе. Яны таксама пакінулі надпісы на сцяне. Міліцыя распачала крымінальную справу па факце нападу. Праваахоўнікі вызначаюць асобаў, якія спрычыніліся да інцыдэнту.
У першы дзень Новага году вакол тэлеканала “Інтэр” разгарэўся скандал: канал паказаў у навагоднюю ноч адзін з расійскіх “блакітных агеньчыкаў” з выступам адыёзных зорак расійскай эстрады, у тым ліку Іосіфа Кабзона, які з’яўляецца персонай нон-грата ва Украіне.
Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што за антыўкраінскую дзейнасць тэлеканал “Інтэр” варта пазбавіць ліцэнзіі на вяшчанне.
Кіраўніцтва тэлеканала ў сваю чаргу заяўляе, што ў часе падрыхтоўкі навагодняй сеткі вяшчання былі выкананыя ўсе патрабаванні ўкраінскага заканадаўства і называе прэтэнзіі “правакацыяй і палітычным ціскам”.
Тым не менш з вечара 1 студзеня “Інтэр” зняў з эфіру ўсе святочныя канцэрты і мюзіклы, у тым ліку праграмы ўласнай вытворчасці.
Фота: installsat.com.ua