У Лагойску работнік райпо пацярпеў, ліквідуючы пажар на складзе (фота)

Работнік райпо пацярпеў, спрабуючы ліквідаваць узгаранне на складзе прадуктаў у Лагойску. Паведамленне пра пажар ў халадзільнай камеры паступіла раніцай 29 студзеня.

Выратавальнікі-пажарныя прыбылі на выклік праз дзве хвіліны. У той момант у халадзільнай камеры назіралася задымленне.

Будынак складу стаіць асобна і раздзелены на 13 памяшканняў, у тым ліку 7 халадзільных камер (4 пустыя, 3 загружаныя прадуктамі харчавання). Памяшканне пашкоджанай халадзільнай камеры знутры абшытае бляхай.

Да прыбыцця пажарных двое рабочых спрабавалі самастойна справіцца з агнём пры дапамозе вогнетушыльніка. Абодва мужчыны былі дастаўленыя ў лякарню. Адзін з іх пасля агляду адпушчаны дадому, а другі трапіў у рэанімацыю з атручэннем угарным газам.

Пажар ліквідавалі. У выніку ўзгарання пашкоджаны ўцяпляльнік халадзільнай камеры на плошчы ў 5 квадратных метраў. На суседнія памяшканні агонь не перакінуўся.

Меркаваная прычына пажару — кароткае замыканне электраправодкі, інфармуе прэс-служба МНС.