У лонданскім Гайд-парку любяць Маккейна і не любяць Абаму

Прэзідэнта выбралі Злучаныя Штаты, а водгукі чуваць па ўсім свеце, у тым ліку і ў лонданскім Гайд-парку, які вядомы сваім кутком, дзе можа выступіць кожны — з любой нагоды, без цэнзуры і пакарання.  Пастаянны прамоўца, які называе сябе сатаной і хлусам, кажа, што выступаць у Гайд-парку пачаў яшчэ ў часы халоднай вайны. За ўвесь гэты час ён ні разу не рыхтаваўся да прамоваў загадзя. Па яго словах, тэмы вызначае аўдыторыя.

“Людзі вызначаюць тэму. Справа не ў прамове, а ў слухачах. Калі аўдыторыя адкрытая, ідэі прыходзяць самі па сабе. І ты рухаешся разам з аўдыторыяй”.



Тэма сённяшняга выступу была прадказальная. Гэта выбары ў ЗША і перамога Барака Абамы.

“Я не веру нікому, у тым ліку Абаме. Абама – не майго класу. Сёння ён самы багаты чалавек планеты. Па ўсім свеце людзі выступаюць за Абаму, таму што яны паклалі свае грошы ў банкі. А банкі выкарыстоўваюць гэтыя грошы, каб падтрымаць Абаму. У Маккейна няма грошай. Маккейн – ваенны. Ваенныя не валодаюць Амерыкай. Маккейн рызыкаваў сваім жыццём, а мае толькі на хлеб з маслам.

Дык што мы ведаем пра амерыканцаў? Тыя, хто жывуць у Амерыцы, - амерыканцы? Што такое Амерыка? Я маю на ўвазе, што большасць людзей, якія ведаюць Амерыку, бягуць з Амерыкі. Адзіныя, хто любіць Амерыку – эмігранты. Таму што яны бачаць Амерыку як мару. Я не ведаю, што такое Амерыка. Гэта праўда. Але, можа, вы мне скажаце, хто такі Абама і што ён зрабіў для Амерыкі?”

У Беларусі няма такога месца, як у лонданскім Гайд-парку. Але наш суразмоўца запэўніў, што насамрэч гэткія месцы ёсць паўсюль: на кухні, у бары і замкнёных кабінетах...

“Ёсць такія месцы, ёсць. Людзі выказваюцца на кухні, у барах, кавярнях, у сем'ях і з сябрамі. Але куток прамоўцаў у Гайд парку як інстытут -  гэта акт несвабоды”. Ён дае вам ілюзію, што вы свабодныя. І ў момант, калі вы выказаліся, вы згубілі ўсю сваю энергію, вы стаміліся, вы ідзяце дадому і не можаце сябе арганізаваць.

Былі часы, я выступаў з 10 раніцы, да 10 вечара. І рабіў гэта дзеля задавальнення, і каб сустрэцца з людзьмі з усяго свету. Інакш вельмі цяжка сустрэць людзей з Беларусі, з розных куткоў Вялікабрытаніі.

Часам са слухачамі вельмі цяжка. Бачыце, тут паліцыя? Чаму? Таму што яны чакаюць праблемаў. Я сядзеў у турме, на мяне нападалі і білі. Таму што некаторыя людзі расстройваюцца і злуюцца”.