У Магілёве на фестывалі пакажуць фільмы, якія намаляваныя пальцамі на шкле

Адзінаццаты міжнародны фестываль анімацыйнага кіно "Анімаёўка" распачаўся ў Магілёве паказам беларускіх “мульцікаў”. А 16-й гадзіне на Зорнай плошчы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Пасля арганізатары запрашаюць на сустрэчу з рэжысёрам Юрыем Цвятковым. На фэсце пакажуць анімаваныя фільмы з Беларусі, Азербайджану, Арменіі, Грузіі, Казахстану, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Эстоніі. У праграме фэсту ёсць фільмы-намінанты на "Оскар". У тым ліку фільмы расійскага аніматара Аляксандра Пятрова, якія ён малюе пальцамі на шкле на сюжэты Дастаеўскага, Хэмінгуэя, Шмялёва.

Вось што гаворыць Святлана Сярбаева, адна з арганізатараў фестывалю:

"Гэта будуць фільмы Аляксандра Пятрова, а таксама фільм “Катэдральны сабор” польскай студыі "Семафор". Фільмы цікавыя, для больш дарослага гледача. Сёлета ў нас, напэўна, атрымаецца развеяць стэрэатып, што анімацыя - гэта толькі для дзяцей".


У рамках фэсту адкрылася традыцыйная выстава малюнкаў магілёўскіх дзяцей. На наступны год арганізатары плануюць зрабіць яе міжнароднай. Скончыцца фестываль 19 верасня творчай сустрэчай з Наталляй Варлей.