У Магілёве паставілі помнік пацыентам псіхічнай лякарні, забітым фашыстамі

Сёння на тэрыторыі Магілёўскай псіхічнай лякарні прайшло ўрачыстае адкрыццё помніка псіхічнахворым ахвярам фашысцкага рэжыму.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі магілёўскія ўлады на чале са старшынёй гарвыканкама Віктарам Шорыкавым, кіраўнікі універсітэтаў, лякарні і гістарычных арганізацый, а таксама госці з Нямечынны.

У 1942 годзе фашысцкія акупанты знішчылі 1300 душэўнахворых з магілёўскай лякарні. Знішчылі дзеля эксперыменту: у адным з карпусоў лякарні фашысты зрабілі "душагубку", куды зганялі людзей і травілі звычайнымі выхлапнымі газамі, якія праводзіліся праз сістэму шлангаў ад аўтамабіляў на вуліцы.

Тых, хто не паміраў пасля працэдуры, знішчалі гранатамі. На дошцы помніка напісана "Хто забывае сваё мінулае, асуджаны на яго паўтор".