У Магілёве просяць пакараць аўтаўладальніка за назвы ўкраінскіх гарадоў
Мясцовага актывіста абурыў надпіс на машыне "Севастопаль, Данецк, Луганск, Адэса" з георгіеўскай стужкай.
Старшыня магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў звярнуўся ў міліцыю з просьбай прыцягнуць да адказнасці кіроўцу аўтамабіля, які ездзіць па горадзе з антыўкраінскімі, на яго думку, надпісамі. На заднім шкле свайго аўтамабіля невядомы размясціў вялікую георгіеўскую стужку і назвы чатырох украінскіх гарадоў Севастопаль (горад у анексаваным Крыме), Данецк, Луганск (гарады пад кантролем прарасійскіх сепаратыстаў) і Адэса. Паводле палітыка, падобныя надпісы распальваюць нацыянальную варожасць, бо такі пералік "намякае на тое, што наступнай за Крымам і Данбасам будзе Адэса".

"Нас прыпынялі за налепкі “Стоп-падатак”, калі мы змагаліся за адмену дарожнага падатку, — распавядае Уладзімір Шанцаў. — Некалькі чалавек тады было аштрафавана за такія налепкі. А тут за больш грубае парушэнне правілаў дарожнага руху (у кіроўцы ўсё задняе шкло заклеена) машына едзе сабе спакойна. Мне фотаздымак гэтага аўто скінуў адзін украінец, які быў пакрыўджаны тым, што як такое магчыма ў Беларусі? Я патэлефанаваў у міліцыю і распавёў пра гэта. Там мяне прынялі за вар'ята. Патэлефанаваў у ДАІ — там таксама нада мной пасмяяліся, але потым заварушыліся".
Уладзімір Шанцаў кажа, што да яго прыйшоў участковы, каб апытаць у сувязі з вусным зваротам. Міліцыянт паведаміў, што звязаўся з кіроўцам аўтамабіля “Пежо” з антыўкраінскімі надпісамі і паведаміў, што да яго пакуль ніякіх прэтэнзій не мае. Пасля гэтага кіраўнік абласной арганізацыі АГП напісаў пісьмовую заяву ў міліцыю.