У Мецы на мячэць абрынуўся будаўнічы кран — болей за сотню вернікаў загінула
У Мецы на мячэць Аль-Харам абрынуўся будаўнічы кран. Паводле дадзеных уладаў Саудаўскай Аравіі, загінула сама меней 107 чалавек. Усяго ж у выніку здарэння пацярпела болей за 230 чалавек.
Мяркуецца, што кран абрынуўся на ўсходнюю частку мячэці з-за штармавога ветру і дажджоў. А на мінулым тыдні Саудаўскую Аравію накрылі моцныя пясчаныя буры, перадае ВВС.
Цяпер у Мецы рыхтуюцца да хаджу — штогадовага паломніцтва мусульманаў усяго свету да размешчаных тут святыняў. Штогод тут бывае па некалькі мільёнаў вернікаў.
Летась улады пачалі сур’ёзную рэканструкцыю мячэці Аль-Харам, якая лічыцца найбуйнейшым мусульманскім храмам у свеце. Першыя згадкі пра яе належаць да VII стагоддзя нашай эры. З таго часу храм Аль-Харам неаднаразова перабудоўваўся.



Фота: AP, AFP, REUTERS