У мінскім аэрапорце затрымалі 5 грамадзян Грузіі з фальшывымі дакументамі

Чарговага грамадзяніна Грузіі з фальшывымі дакументамі затрымалі ў аэрапорце "Мінск-2" падчас афармлення рэйса на Тбілісі. За апошні месяц гэта ўжо пяты выпадак. Памежнікі сцвярджаюць, што дакументы цалкам падробленыя і іх вытворчасць знаходзіцца ў расійскай сталіцы. Вось што распавёў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка:

"Ёсць інфармацыя, што каля амбасады Грузіі ў Маскве, верагодна, дзейнічае група людзей, якая ашуквае сваіх суайчыннікаў ці проста зарабляе такім чынам на людзях, якія спрабуюць вярнуцца на радзіму".

Цяпер ідзе разбіральніцтва. Правяраецца датычнасць затрыманых да вырабу падробленых пасведчанняў на вяртанне ў Грузію. У памежным камітэце кажуць, што такога нашэсця фальшывак, якія перыядычна трапляюць у іх рукі, не было ўжо даволі даўно.