У Мінску 2-гадовы хлопчык зламаў чэрап на дзіцячым атракцыёне

У Мінску 2-гадовы хлопчык зламаў чэрап на дзіцячым атракцыёне. Данік прыехаў у сталіцу з Мазыра разам са сваёй маці Алінай. Яна адвяла сына ў парк забаваў "Дрымлэнд".

Як піша газета "Наша ніва", хлопчык бегаў, а жанчына хадзіла вакол атракцыёна і фатаграфавала сына. Дзіцячы атракцыён, на якім хлопчык пацярпеў, уяўляе сабой высокі, абшыты сеткай каркас. Дзеці там бегаюць, поўзаюць, скачуць, караскаюцца па лесвіцы. Бацькоў з імі не пускаюць. За імі сочыць атракцыяніст. На лічаныя секунды жанчына адышла, каб пакласці фотаапарат, а як вярнулася, сына ўбачыла на зямлі, ён плакаў.

"Медсястра сказала: зараз лёд прыкладзём, ён ачуняе і зноў пабяжыць, — распавядае маці. — А я бачу, што яго галава дэфармаваная — правая скроня, драпіны. Я настаяла, каб выклікалі хуткую. Нас прывезлі ў РНПЦ нейрахірургіі і неўралогіі. Пасля здымка дактары сказалі, што траўма сур’ёзная — пералом лобнай косткі чэрапа са змяшчэннем на вочную арбіту, страсенне мазгоў. Была знешняя гематома. Сказалі, што тры дні будуць крытычнымі — калі не з’явіцца ўнутраная гематома, то будзе ўсё добра. На шчасце, не з’явілася".

Даніка ўжо выпісалі, ён ходзіць, але каардынацыя яшчэ парушана. Яго маці мяркуе, што ў сетцы на атракцыёне была дзірка, праз якую сын вываліўся. А пры падзенні ён мог ударыцца яшчэ і аб трубу, якая не была заматана паралонам. Магчыма, менавіта ад гэтага ўдару і здарыўся пералом. Дзірку тую, нібыта, зашылі адразу пасля здарэння.

У "Дрымлэндзе" "Нашай ніве" пацвердзілі, што такі выпадак сапраўды быў. Атракцыён праверылі, ніякіх дзірак не знайшлі. Паколькі парушэнняў не выявілі, на наступны дзень ён ужо працаваў. Атракцыяніст атрымала адміністрацыйнае спагнанне, паколькі не ўбачыла, як дзіця ўпала.

Пацярпелая ў кобрынскім аквапарку дзяўчынка знаходзіцца ў коме

Фота: Fotolia i nn.by