У Мінску 23 лютага міліцыя склала 80 пратаколаў за распіццё піва

23 лютага, у першы дзень ужывання паправак у Адміністрацыйны кодэкс, у Мінску за распіццё піва ў грамадскіх месцах было складзена 80 адміністрацыйных пратаколаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. Як паведамляла Еўрарадыё, паводле новых правілаў, распіццё піва і алкагольных напояў у грамадскім месцы караецца грашовым штрафам. Пры гэтым грамадскім месцам міліцыянты могуць прызнаць нават гаўбец прыватнай кватэры.

Па словах Ластоўскага, найбольшая колькасць пратаколаў была складзеная ў Маскоўскім (21), Савецкім (15), Партызанскім (10) і Цэнтральным (9) раёнах, найменшая — у Ленінскім (2), Першамайскім (3), Завадскім, Кастрычніцкім і Фрунзенскім (па 6). Два пратаколы склалі супрацоўнікі аддзела ўнутраных справаў па ахове метрапалітэна.

Міліцыянты адзначаюць, што колькасць складзеных пратаколаў не адлюстроўвае рэальнай сітуацыі ў горадзе. У першы дзень новаўвядзення міліцыянты рабілі зніжку на свята і недасведчанасць некаторых мінчукоў, таму абмяжоўваліся ў асноўным прафілактычнай гутаркай.