У Мінску адбылося памінанне ахвяр Другой сусветнай вайны

На Вайсковых могілках у Мінску адбылося памінанне ахвяр Другой сусветнай вайны
Увечары 1 верасня ў Мінску на Вайсковых могілках адбылося памінанне ахвяр Другой сусветнай вайны, якая пачалася ў гэты дзень у 1939 годзе нападам Германіі на Польшчу.

Удзельнікі памінання, арганізаванага аргкамітэтам па стварэнні руху салідарнасці "Разам", усклалі кветкі і паставілі запаленыя лампады да пахаванняў воінаў, якія загінулі пры вызваленні Мінска ад нацыстаў летам 1944 года, а таксама да магіл народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання, паведамляе БелаПАН.

Старшыня аргкамітэта "Разам" Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што перамога над нацызмам дасягнута коштам жыцця многіх беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, якія ў арміях краін антыгітлераўскай кааліцыі ваявалі з ворагам на розных франтах, у тым ліку ў Еўропе, Азіі і Паўночнай Афрыцы. Паводле яго слоў, нягледзячы на тое што ў Беларусі сышліся два таталітарныя рэжымы — сталінізм і нацызм, беларусы выжылі і паказалі ўсяму свету прыклад мужнасці і самаадданасці, закладзеных у ментальнасці народа яго гераічнай гісторыяй.

Як адзначыў краязнаўца Ілья Копыл, вайна, развязаная Сталінам і Гітлерам, прывяла да велізарных ахвяр. Залічэнне 6 млн. салдат і афіцэраў да загінулых без вестак, сем'і якіх не атрымлівалі пенсію, а таксама накіраванне мільёнаў былых савецкіх ваеннапалонных у лагеры ГУЛАГа сведчыць пра сапраўднае стаўленне сталінскага кіраўніцтва да чалавека ў гады вайны, сказаў Копыл. На яго думку, Расія не здабыла ўрокаў з вайны, пра што сведчыць акупацыя яе войскамі грузінскіх зямель Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама раскол Малдовы і стварэнне Прыднястроўскай рэспублікі.