У Мінску адкрылася фотавыстава-кватэрнік "Свой горад" (Фота)

У звычайнай аднапакаёўцы аднаго са сталічных мікрараёнаў адбываецца фотавыстава “Свой горад”. Яе зладзілі маладыя фатографы з Мінску і Гродна. На сценах і штатывах аўтары павесілі здымкі гарадскіх пейзажаў, фотаэцюды і партрэты гараджанаў. Мэта выставы – не паўтарыць турыстычныя фотадаведнікі, але адлюстраваць уласнае бачанне ўлюбёнага гораду. Пра гэта Еўрарадыё распавяла куратарка выставы Таццяна Федарэнка.

Таццяна Федарэнка: “Мы збіраем кожны свой горад па частках. Мы ствараем горад цэлы, але ён складаецца з тых прастор, маршрутаў і гарадоў, якія нам блізкія, вядомыя і якія мы хочам паказаць іншым. Далей мы хочам, каб гэта была вялікая выстава, дзе мы з гонарам распавядзем пра тое месца, дзе мы жывем. І гэта будзе ўжо не кватэра, а галерэя”.

У час выставы запланаваныя перформансы, музычныя выступы і сяброўскія гутаркі на тэму гарадскіх даследаванняў.






Фота Аляксандра Саенкі