У Мінску адкрылася фотавыстава, прысвечаная вядомым беларускім жанчынам

У Мінску праходзіць фотавыстава, прысвечаная вядомым жанчынам Беларусі, інфармуе МТРК "Мір". Гэта ўнікальная экспазіцыя, у якой аб'ядналіся фота і радыё. Аўтаркай ідэі для праекту "Горад жанчын" стала Кацярына Сушкевіч. Па яе словах, стваральнікі выставы імкнуліся паказаць сваіх гераіняў не ў працоўных іпастасях, а ў побытавым жыцці — як жанчын, жонак, мацярок.

На выставе можна пабачыць выявы акторак, спявачак, дызайнерак, балярынаў — агулам 30 прафесій і столькі ж лёсаў.

Падчас фотавыставы можна не толькі ўбачыць 30 партрэтаў вядомых паспяховых жанчын беларускай сталіцы, але таксама пачуць 30 інтэрв'ю з імі. Гэта дапамог зрабіць звычайны мабільны тэлефон, ператвораны ў аўдыёгід. Пад кожным партрэтам нумар тэлефона. Набраўшы яго, можна пачуць гераіню, яе шчыры аповяд.