У Мінску міліцыя затрымала хлопца, які скокнуў з 130-метровай вышыні
Бейсджампер спусціўся на парашуце пасля скачка з даху хмарачоса, які будуецца каля кінатэатра "Масква" на праспекце Пераможцаў.
Адразу ж яго схапілі праваахоўнікі. Як інфармуе тэлеканал АНТ, экстрэмалу пагражае да 4 мільёнаў рублёў штрафу альбо арышт. Паколькі ў нашай краіне адказнасць за бейсджампінг не прадугледжаная, хлопца могуць пакараць за хуліганства.
Падобныя скачкі з розных аб'ектаў у сталіцы адбываюцца не ўпершыню. У студзені сёлета бейсджамперы скакалі з тэлевышкі ў Мінску, з вышыні каля 160 метраў. У сярэдзіне лютага хлопец скочыў з даху Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, у свабодным падзенні ён быў каля 45 метраў — гэта вышыня 15-павярховіка. У красавіку 2012-га малады чалавек скочыў з даху 25-павярховага дома ў Каменнай Горцы (гл. відэа).
Фота — luxbud.by