У Мінску пачалася платная вакцынацыя супраць пандэмічнага грыпу A (H1N1)

У Мінску 1 лютага пачалася платная вакцынацыя супраць пандэмічнага грыпу A (H1N1), паведамляе БелаПАН. Па словах загадчыцы аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірыны Глінскай, прышчэпкі супраць грыпу даступныя ва ўсіх дарослых паліклініках і ў шэрагу дзіцячых паліклінік. У прыватнасці, іх можна зрабіць у 10-й дзіцячай паліклініцы Заводскага раёна, 25-й дзіцячай паліклініцы Фрунзенскага раёна, гарадскім цэнтры вакцынапрафілактыкі на базе Дзіцячай інфекцыйнай лякарні. Кошт прышчэпак складае да 30 тыс. рублёў.

Імунізацыя ажыццяўляецца расійскай вакцынай "Монагрыпол плюс". Агулам для Мінску закуплена 5 тысяч доз. Па словах лекараў, гэта першая партыя. Калі будзе зацікаўленасць, то могуць закупіць і большую колькасць вакцыны.

Дарэчы, у Расіі вакцына "Монагрыпол плюс" выкарыстоўваецца ўжо больш за два месяцы. Па выніках яе выпрабаванняў усталяваная яе "высокая эфектыўнасць".

Як паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка, з 25 па 31 студзеня на ВРВІ і грып у Мінску захварэла 26.217 чалавек, але грып склаў меней за 1% (56 выпадкаў).