У Мінску пачалося шэсце ў Курапаты, у ім удзельнічаюць сотні людзей

У нядзелю ў Мінску пройдуць традыцыйныя шэсце і мітынг з нагоды адзначэння Дня памінання продкаў – Дзядоў. Сталічныя ўлады далі дазвол на іх правядзенне. Сотні людзей прыйшлі да месца збору ўдзельнікаў шэсця – гадзіннікавага завода “Прамень”.

Яны трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі з гербам Мінску, плакаты і расцяжкі: “Памятаем пра ахвяры расейскага тэрору”, “1937 – 2007”, “Ніякага саюзу з імперскай Расеяй”, “Свабоду Дашкевічу”, “Свабоду Казуліну”.

Таксама падрыхтаваныя крыжы, якія людзі панясуць для ўсталявання ў Курапатах. Большасць удзельнікаў акцыі – моладзь, паведамляе Радыё Свабода.