У Мінску прайшлі акцыі салідарнасці з палітвязнямі і сем'ямі зніклых

16 лістапада ў Мінску прайшло адразу некалькі акцый салідарнасці з палітвязнямі і сем'ямі зніклых палітыкаў. Адна з іх адбылася позна ўвечары на вуліцы Веры Харужай — у падземным пераходзе каля Камароўскага рынку.
12 маладзёжных актывістаў сталі ў пераходзе з партрэтамі Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага, Анатоля Красоўскага, Генадзя Карпенкі. Яны запалілі свечкі ў памяць пра гэтых людзей, а таксама ў знак салідарнасці з усімі палітвязнямі Беларусі.

Усё фіксавалі на камеры мабільных тэлефонаў супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным. Акцыя працягвалася не больш за пяць хвілін. Яе ўдзельнікі пакінулі ў пераходзе свечкі і пайшлі з месца. Аналагічная акцыя прайшла ў сталічным мікрараёне Уручча.

Прыкладна 20 маладзёнаў з партрэтамі Дзмітрыя Завадскага, Юрыя Захаранкі, Аляксандра Казуліна, Андрэя Клімава і іншых палітыкаў сталі ланцужком уздоўж вуліцы Русіянава насупраць паліклінікі № 8. Яны таксама разгарнулі расцяжку "Свабоду палітзняволеным!". Акцыя доўжылася некалькі хвілін.

Ніхто з яе ўдзельнікаў затрыманы не быў. У цэнтры Мінска маладзёжныя актывісты раздавалі ўлёткі і партрэты палітвязняў. Нагадаем, з ініцыятывай праводзіць 16 дня кожнага месяца Дзень салідарнасці з рэпрэсаванымі грамадзянамі і сем'ямі зніклых палітыкаў выступілі ў кастрычніку 2005 года шэраг вядомых грамадскіх дзеячаў.

У акцыі бяруць удзел і простыя грамадзяне, якія выказваюць сваю салідарнасць, выключаючы ў пэўны час у кватэрах святло і запальваючы свечкі.

БелаПАН