У Мінску спадзяюцца на атрыманне $500 млн, а ў Маскве кажуць, што не дадуць

Дамоўленасць аб выдзяленні Беларусі апошніх 500 млн долараў з расійскага крэдыту на 2 млрд долараў не знятая. Пра гэта заявіў "Интерфаксу" міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. Ён нагадаў, што міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын прапаноўваў гэты крэдыт атрымаць з антыкрызіснага фонду "ЕўрАзЭс". Аднак на сённяшні момант гэты фонд яшчэ не працуе, акрамя таго, дамоўленасці былі аб выдзяленні Беларусі крэдыта ўраду Расіі, а не нейкага іншага, адзначыў Андрэй Харкавец.

Тым часам, як паведамляе дзелавая газета "Взгляд", Аляксей Кудрын заявіў, што ў расійскім урадзе пакуль не разглядаецца "працяг крэдыта Беларусі". Відаць, Масква па-ранейшаму даследуе перспектывы вяртання гэтых сродкаў.