У Мінску вызначылі, дзе нельга збіраць подпісы за кандыдатаў у дэпутаты

Пікеты з мэтай збору подпісаў забаронена праводзіць на тэрыторыі Кастрычніцкай і Прывакзальнай плошчаў, плошчаў Незалежнасці і Перамогі, адзначае БЕЛТА. Акрамя таго, збіраць подпісы забаронена на аб'ектах метрапалітэна (за выключэннем тэрыторый падземных пешаходных пераходаў), чыгуначнага і паветранага транспарту.



Зборшчыкі подпісаў не маюць права праводзіць пікеты бліжэй за 200 м ад будынкаў рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі, Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў, а таксама на адлегласці бліжэй за 50 м ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энэргазабеспячэння, установы дашкольнай адукацыі, установы агульнай сярэдняй адукацыі, арганізацыі аховы здароўя).



Збор подпісаў забаронены на адлегласці меней за 300 м ад тэрыторый ядзерных установак, аб'ектаў, прызначаных для вытворчасці ці захоўвання радыеактыўных рэчываў і матэрыялаў, у тым ліку захоўвання ядзерных матэрыялаў, адпрацаваных ядзерных матэрыялаў і (ці) эксплуатацыйных радыеактыўных адкідаў, на тэрыторыях гэтых аб'ектаў і ў іх санітарна-ахоўных зонах. Не меней за 200 м павінна быць паміж пікетам і будынкамі, збудаваннямі, у якіх знаходзяцца арганізацыі, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ, радыётэлевізійных перадавальных станцый і радыёперадавальных станцый.



Збіраць подпісы выбарцаў на тэрыторыі Мінска можна будзе з 8 да 22 гадзін.



Фота — svaboda.org