У Мінску жанчына-таксіст узяла "ў палон" пасажыраў, іх збілі

25-гадовы мінчук са сваёй сяброўкай вярталіся дахаты з начнога клуба. Яны заўважылі аўтамабіль "прыватніка", за рулём якога знаходзілася жанчына. Маладыя людзі дамовіліся пра кошт паездкі і паехалі ў пасёлак Сокал. Аднак там кіроўца запатрабавала ўдвая большую суму грошай. Пасажыры папрасілі чэк, яна яго не дала, заблакавала дзверы.

Кіроўца патэлефанавала свайму сябру і паехала назад у Мінск. Выпускаць сваіх пасажыраў яна не збіралася. Хлопец разбіў шкло ў акне, але і на гэта жанчына не рэагавала. У прамысловай зоне ў сталіцы сябра кіроўцы збіваў 25-гадовага пасажыра, нанёс яму больш за 20 удараў нагамі па галаве. У яго забралі 200 тысяч рублёў і пашпарт.

Пацярпелы распавёў зламыснікам, што дома ў яго схаваныя 500 долараў і ён згодны іх аддаць. Калі яны прыехалі ў Сокал, малады чалавек здолеў выклікаць міліцыю.

Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, у цяперашні момант дзеянням жанчыны і яе сябра даецца прававая ацэнка. У адносінах мужчыны, які збіваў пасажыра, распачалі крымінальную справу за "злоснае хуліганства", яго ўзялі пад варту.

Фота — Fotolia