У Мінсувязі лічаць, што памылак на марках з выявамі алімпійцаў няма

Днямі ў інтэрнэце з’явіліся выявы беларускіх марак да Алімпіяды-2010. Маркі выйшлі з кур’ёзнымі памылкамі, адзначае nn.by. Напрыклад, на марцы з фрыстайлістам намаляваны не беларускі спартсмен, а ўкраінец Энвер Аблаеў. За біятланісткай Домрачавай чамусьці бягуць… мужчыны.
Як даведалася Еўрарадыё, “кур’ёзныя” маркі выпусціла Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі. Начальнік аддзела паштовай сувязі міністэрства Алег Субоцін выказаў прыватнае меркаванне, што ніякіх памылак няма, а таму не можа быць і прэтэнзій да мастакоў:

Субоцін: “Гэтых памылак няма. Усё сюжэты, якія адлюстроўваюцца на нашых марках, папярэдне ўзгадняюцца з кампетэнтнымі арганізацыямі, якія ведаюць гэтымі пытаннямі, што б там ні адлюстроўвалася – кветкі, грыбы, жывёлы, краявіды…  Гэта будзе або Акадэмія навук – падраздзяленні, якія ведаюць кветкамі і грыбамі, ці як у гэтым выпадку, наколькі мне вядома, гэта быў Нацыянальны алімпійскі камітэт”.

Але прэс-сакратар НАК Пётр Рабухін пра гісторыю з маркамі ўвогуле нічога не ведае:

Рабухін: “Са мной ніхто нічога не ўзгадняў, я нават не ведаю, пра што ідзе гаворка. Першы раз увогуле пра гэта чую, хто там што выпусціў – нават не ведаю”.



Фота: nn.by