У Нароўлі асудзілі кіроўцу, з машыны якога выпала і пакалечылася дзяўчына

Суд Нараўлянскага раёну вынес рашэнне па справе кіроўцы, з машыны якога выпала дзяўчына і моцна траўмавалася, інфармуе БелаПАН. Гэта здарылася ў жніўні мінулага года. 22-гадовы нецвярозы хлопец прапанаваў знаёмым дзяўчатам падвезці іх дадому і ўзяў у салон лішніх людзей — у салоне было шэсць пасажыраў.

На павароце кіроўца выехаў на сустрэчную паласу і наўмысна спыніўся. Пасля спынення машыны, 17-гадовая дзяўчына адчыніла дзверы і стала высаджвацца з салону. Якраз у той момант кіроўцы аднавіў рух заднім ходам і пасажырка ўпала на праезную частку. У выніку здарэння яна атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні.  

Суд прызнаў кіроўцу вінаватым у парушэнні правіл дарожнага руху і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 5 гадоў пасялення і пазбавіў права кіраваць транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. Таксама суд пастанавіў спагнаць з абвінавачанага 500 мільёнаў рублёў маральнай кампенсацыі.

Дар’я Мазурэнка, якой на момант здарэння было 17 гадоў, у той аварыі атрымала складаны пералом пазваночніка, з-за чаго ў яе цалкам паралізаваныя рукі і ногі. Таксама ў яе парушаная функцыя шэрагу ўнутраных органаў і некаторыя спадарожныя дыягназы. Неабыякавыя людзі збіраюць сродкі на лекаванне дзяўчыны ў замежных клініках.

Фота: pchela-maja.wix.com/dashamazurenko