У "някляеўцаў" засталося толькі 5 тысяч подпісаў за вуліцы імя Быкава

Сёння журналістам і актывістам кампаніі "Гавары праўду!" прадэмантравалі подпісы, якія захаваліся пасля ўсіх канфіскацыяў і знікненняў. А таксама паказалі адсканаваныя аркушы, якія пацвярджаюць: подпісаў сапраўды было каля 100 тысяч.
Кампанія "Гавары праўду!" падвяла вынікі акцыі "Дарогу вуліцам Быкава" у Музеі беларускай архітэктуры і побыту пад Мінскам. Яе лідэр Уладзімір Някляеў нагадаў, што было сабрана каля 100 тысяч подпісаў ў падтрымку надання імя Васіля Быкава вуліцам у Мінску і Гродна.



Але каля 80 тысяч з іх былі страчаныя. 10 тысяч зніклі падчас ператрусу 18 траўня. Каля 20 тысяч засталіся ў арыштаванай машыне аднаго з актывістаў камнаіі. Яшчэ 50 тысяч былі скрадзеныя ў панядзелак з кватэры, якую кампанія зняла пасля ператрусу для падліку подпісаў і афармлення іх для падачы ў Мінгарвыканкам.



Някляеў заявіў, што такімі крадзяжамі і знікненнямі з яго асабіста і кампаніі ўцэлым хочуць зрабіць балбатуноў, якія сабралі тысячу подпісаў а кажуць, што іх 100 тысяч. Але ён упэўніў, што гэта не спыніць кампанію "Гавары праўду!". Яе актывісты будуць па-ранейшаму настойваць на ўшанаванні памяці Быкава з дапамогай перайменавання вуліц у яго гонар.