У Нямеччыне згарэў аўтобус, у якім ехалі беларускія турысты (фота)
У Нямеччыне згарэў турыстычны аўтобус, у якім ехалі беларускія грамадзяне. Здарэнне адбылося раніцай 8 верасня. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на нямецкія СМІ, аўтобус належыць літоўскай фірме і ў ім ехала 68 чалавек. Ніхто з людзей не пацярпеў, але іх асабістыя рэчы пашкоджаныя агнём.
Здарэнне адбылося на аўтабане А8 (Карлсруэ — Штутгарт — Мюнхен — Зальцбург), паміж гарадамі Пфорцхайм і Хаймсхайм. Беларусы вярталіся з Іспаніі ў Мінск, паведамляе Onliner.by. Кіроўцы заўважылі непаладкі падчас руху і эвакуявалі пасажыраў яшчэ да таго, як пачаўся пажар.
Арганізатары паездкі даслалі за падарожнікамі транспарт, і было вырашана вяртацца ў Беларусь праз Польшчу. Чацвярым беларусам спатрэбіліся пасведчанні на вяртанне. Беларускія дыпламаты ў Нямеччыне і Польшчы падтрымлівалі кантакт з турыстамі, якія трапілі ў гэтае здарэнне і аператыўна вырашалі пытанні з афармленнем патрэбных дакументаў.









Фота: pz-news.de