У Оршы ДАІшнікі ганяліся за кандыдатам у майстры спорту па вольнай барацьбе

У Оршы начная пагоня на аўто супрацоўнікаў ДАІ за парушальнікам правілаў дарожнага руху завяршылася пагоняй ужо без машын і бойкай. Як паведамляе газета "Звязда", пасля наведвання саўны ноччу ўладальнік аўто рашыў падвезці дамоў сваю дзяўчыну. Ехаў з хуткасцю 80-90 кіламетраў у гадзіну, чым парушаў правілы, да таго ж быў нецвярозы за рулём, бо піў у саўне каньяк.

Супрацоўнікі ДАІ спрабавалі дагнаць і спыніць аўтамабіль. На адным з паваротаў вадзіцель не саўладаў з кіраваннем, і машына ўрэзалася ў слуп асвятлення. Парушальнік кінуўся наўцёкі, пакінуўшы ў машыне дзяўчыну. Супрацоўнікі ДАІ пабеглі за ім, адзін, які з'яўляецца кандыдатам у майстры спорту па лёгкай атлетыцы, вельмі хутка дагнаў мужчыну. Але злавіць яго было няпроста, бо ён аказаўся таксама кандыдатам у майстры спорту — але па вольнай барацьбе...

Дапамаглі затрымаць парушальніка іншыя міліцыянеры. Суд пакараў яго на год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання тэрмінам на адзін год.