У Оршы гаспадары элітнага катэджа паміраюць адно за адным
Гэты будынак празвалі “домам смерці”. Суседзі расказалі Еўрарадыё пра жахі, звязаныя з самым вядомым і самым жахлівым катэджам у горадзе. (Фота)
Жыхары вуліцы Марата, якую называюць “аршанскай Рублёўкай”, баяцца расказваць пра адзін з мясцовых катэджаў. І абыходзяць яго па магчымасці трыма дарогамі.
Студэнтка Вольга Дзмітрыева, ураджэнка вуліцы Марата, якая прыехала да бацькоў на выходныя са сталіцы, усё ж пагадзілася расказаць Еўрарадыё пра кепскую славу так званага “дома смерці”. Аказваецца, шмат гадоў таму на гэтым месцы стаяла драўляная хатка, у якой маліліся сектанты.
“Гэты будынак падпалілі, і там усе загінулі. Пасля гэта месца доўга пуставала, там нічога не будавалі, — распавядае Вольга Дзмітрыева. — І вось калі мне было гадоў восем (у 1996 годзе — Еўрарадыё), там пачалі будаваць катэдж. Вельмі багаты мужчына, у яго была тут свая фірма. Як толькі ён яго збудаваў, яшчэ нават не зашкліў, у яго на працы раптоўна здарыўся інсульт. Здаровы быў мужык, яму, напэўна, гадоў 45 было”.
Першы ўладальнік памёр, а на элітны катэдж адразу знайшоўся чарговы багаты пакупнік.
“Купіў яго Аляксандр Фегін. У яго стаматалогіі ў нас у горадзе былі. Таксама розныя крамы будаўнічых матэрыялаў, — працягвае Вольга Дзмітрыева. — І вось як толькі ён купіў гэты катэдж, пачаліся сур’ёзныя праблемы па бізнесе, нават бомбу падклалі ў стаматалагічны кабінет. Міліцыя яе зняла, і калі вывозілі гэтую бомбу, яна разарвалася ў машыне разам з міліцыянерамі”.
Аляксандр Фегін выставіў катэдж на продаж, а сам з’ехаў жыць у Санкт-Пецярбург, дзе справы зноўку пайшлі на лад.
“Гэты дом пазней купіла сям’я з двума дзецьмі, і праз два тыдні, як яны яго купілі, бацьку знайшлі застрэленым на магіле маці, — здзіўляе Вольга Дзмітрыева чарговым жахлівым эпізодам. — Кажуць, што сам застрэліўся, былі нейкія праблемы. Пасля рак печані знайшлі ў яго жонкі, вельмі хутка. Яна таксама памерла. Засталіся двое дзяцей і бабуля, але яны гэты дом адразу ж прадалі”.
Катэдж па вуліцы Марата набыла сям’я з іншага горада. Ды жыць у ім новыя гаспадары не сталі, бо даведаліся пра страшныя падзеі, звязаныя з “домам смерці”.
Дзмітрый Дзмітрыеў, бацька студэнткі Вольгі — чалавек прагматычны і ў міфы пра злых духаў не верыць. Але ніколі б не пагадзіўся жыць у гэтым катэджы.
Дзмітрый Дзмітрыеў: “Я лічу, што гэта збег абставінаў, але я б у гэты дом сам бы не засяліўся. Страшна”.
Суседзі запэўніваюць, што купляць “дом смерці” ніхто не хоча, а руйнаваць самы шыкоўны катэдж на “аршанскай Рублёўцы” шкада.
“Ды да яго ўсе на двары баяцца падыходзіць, — прызналася на развітанне адважная студэнтка Вольга Дзмітрыева, якая не збаялася расказаць пра суседскі катэдж. — Наколькі я ведаю, сённяшнія гаспадары нават яго не могуць прадаць, з-за яго рэпутацыі”.