У палітыкаў Мілінкевіча і Севярынца на мяжы забралі дыскі з фільмам "Плошча"

Лідэра аргкамітэта руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча і сябра аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца ўвечары 5 верасня затрымалі ў пункце пропуску "Каменны лог" на беларуска-літоўскай мяжы. Палітыкі вярталіся з Вільні, дзе ўдзельнічалі ў міжнароднай канферэнцыі "Еўрапейская палітыка добрасуседства: ці будуць парламенцкія выбары ў Беларусі 2008 года дэмакратычным выбарам?". Мерапрыемства было арганізаванае з ініцыятывы Еўрапейскай народнай партыі.

У затрыманых беларускія мытнікі і памежнікі канфіскавалі дыскі з фільмам Юрыя Хашчавацкага "Плошча". БелаПАН, са спасылкай на прэс-службу Мілінкевіча, адзначае, што ў пункце пропуску знаходзілася шмат людзей у цывільным.