У Парыжы паставілі халодныя пакоі, у Варшаве людзей паліваюць са шланга
А жывёл у заапарках кормяць марожаным. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як еўрапейцы ратуюцца ад спёкі.
У французскіх гарадах электронныя табло папярэджваюць пра небяспечную спёку, а спецыяльныя плакаты змяшчаюць інструкцыі, што рабіць ад цеплавога і сонечнага ўдару. Апрача таго, працуюць супраць-спёкавыя памяшканні. Там чалавека можа ахаладзіцца пад кандыцыянерам, выпіць халоднай вады і звярнуцца да доктара.
Жыхарка Парыжу: "Усё класна! Мы чакалі лета і вось яно прыйшло. Гэта добра! Можна знайсці месцы з вадой, каб прахаладзіцца. Таму спёка выносная".
Еўрапейцы купляюць бутыляваную ваду ў вялікіх колькасцях і масава наведваюць басейны. Цікавае даследаванне засведчыла, што аўстрыйцы штодня выпадкова праглынаюць 5 тысяч літраў вады з 18 грамадскіх басейнаў Вены.
У цэнтры Варшавы працягнулі вялікі шланг з вадой.
Малады хлопец: "Думаю, гэта добрая акцыя для турыстаў, якія могуць такім чынам прахаладзіцца".
Зрэшты, мясцовыя таксама задаволеныя.
Жыхар Варшавы: "У маім узросце, гэтае рашэнне – хутчэй рэальнае выйсце прахаладзіцца, чым забава".
А вось малым – яшчэ і файная забава, якім падабаецца акаціцца вадой.
Вялікая спёка нясе і непрыемнасці ды нязручнасці. У Еўропе ад спёкі ўжо памерлі дзясяткі чалавек. У Расіі з пачатку месяца сотні чалавек патанулі, ратуючыся ад сонца ў вадаёмах. Беларусі на днях у міжгародняй маршрутцы ад спёкі памёр грамадзянін Расіі.
Шведскае агенцтва паведамляе, што гарачае надвор'е прынесла своеасаблівы паралельны эфект – заўважна павялічылася колькасць сэксуальных злачынстваў.
У Нямеччыне за апошні тыдзень у дзясятках цягнікоў зламалася сістэма кандыцыянераў. У выніку ў некаторых цягніках тэмпература ўзляцела да 50 градусаў, і некаторых пасажыраў шпіталізавалі.
Дактары шэрагу еўрапейскіх краін заклікалі старых і хворых людзей пазбягаць паўдзённага сонца і заставацца дома большую частку дня. Старым і малым настойліва рэкамендуюць піць дастатковую колькасць вады.
Спецыяльнае абыходжанне ў такую тэмпературу неабходнае і жывёлам. Палярным мядзведзям з Рыжскага заапарка будуць даваць па 15 кілаграм спецыяльнага марожанага – вялікая скумбрыя ў ледзяных блоках.
Бурыя мядзведзі Мадрыдскага заапарка таксама рады пачастунку ў лёдзе.
Супрацоўнік мадрыдскага заапарка: "Для іх гэта проста цудоўна. Яны вельмі задаволеныя і так глядзяць на нас, калі бачаць, што мы ім нясем марожанае! Гэта добрае выйсце для жывёл вынесці спёку".
Фота: Getty Images