У Паставах судзілі пенсіянерку, якая спрабавала выкапаць труну з нябожчыцай

Незвычайны судовы працэс па дзікунскім факце апаганьвання магілы на вясковых могілках прайшоў у судзе Пастаўскага раёна. На лаўку падсудных прыйшлося сесці 58-гадовай жыхарцы вёскі Ярэва, якая напрыканцы мінулага года не толькі апаганіла свежую магілу, але ледзь не выкапала з зямлі труну з нябожчыцай.
Як паведамляе газета "Вольнае Глыбокае", жанчына была абураная тым, што на могілках занялі месца пахавання, якое яна намеціла для сябе. Спачатку яна раскідала вянкі і запаленыя свечкі, а потым спрабавала раскопваць магілу, але аднавяскоўцы не далі ажыццявіць гэтую задуму.

Пасля заявы абураных і зняважаных родных памерлай у міліцыю была распачатая крымінальная справа. Праўда, да пазбаўлення волі справа не дайшла, але за апаганьванне могілак суд аштрафаваў пенсіянерку на 1 мільён 225 тысяч рублёў, інфармуе сайт westki.info.