У паўднёва-заходняй Еўропе з-за вулканічнага попелу закрываліся аэрапорты

У суботу зноў пачалі закрывацца аэрапорты ў краінах паўднёва-заходняй Еўропы. Прычына — павелічэнне зоны паветранай прасторы, якую захапіла воблака вулканічнага попелу з Ісландыі. Як паведамляе РИА Новости, яно дасягнула поўдня Партугаліі, поўначы Іспаніі і некаторых раёнаў на поўдні Францыі.
У гэтых частках Еўропы ў суботу былі закрытыя многія аэрапорты, у ліку якіх 16 аэрапортаў на поўначы Іспаніі. Былі адмененыя ці затрыманыя сотні рэйсаў паміж Еўропай і Паўночнай Амерыкай. Аднак сёння сітуацыя палепшылася і ў Іспаніі закрытымі засталіся толькі тры аэрапорты.

Нагадаем, вывяржэнне ісландскага вулкана Эйяфьятлаякудля пачалося 14 красавіка і прывяло да закрыцця амаль на тыдзень паветранай прасторы над большай часткай Еўропы. У мінулы чацвер актыўнасць вулкана значна ўзрасла, паведамляе УНІАН.