У Пінску работніца банка падмяніла сапраўдныя грошы фальшывымі

У Пінску падчас рэвізіі ў аддзяленні аднаго з банкаў выяўленыя і канфіскаваныя фальшывыя грашовыя купюры: 77 — наміналам 50 тысяч рублёў, адна — 5 тысяч, шэсць — 500 рублёў Цэнтрабанка Расіі, 20 — 50 еўра, пяць — 100 еўра, сем — 500 еўра і 179 — 50 долараў ЗША. Агулам на суму 7 755 тысяч рублёў, 3000 расійскіх рублёў, 5000 еўра і 8950 долараў. Як паведамляе БелаПАН, фальшывыя купюры з мэтай утойвання крадзяжу падкінула спецыяліст па аперацыйна-касавай рабоце аддзялення банка 37-гадовая жыхарка вёскі Галева. Яе затрымалі.

Пры асабістым надглядзе і падчас ператрусу дома ў затрыманай знайшлі яшчэ фальшывыя купюры: восем — наміналам 50 тысяч рублёў, сем — 50 еўра, чатыры — 100 еўра, 14 — 50 долараў ЗША і пяць — 100 долараў ЗША, аркуш паперы з надрукаванымі грашовымі купюрамі наміналам 50 еўра, два аркушы — 50 долараў ЗША і два цвёрдыя дыскі кампутара.

На жанчыну пачалі крымінальную справу.