У Полацку ствараюць хімічна-радыялагічную службу бяспекі

Віцебскі аблвыканкам прыняў рашэнне аб стварэнні на базе Полацкага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях службы хімічнай і радыялагічнай абароны.
Пра прычыны гэтага кроку даведалася нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“Неабходнасць такой службы менавіта ў Полацку стала відавочнай пасля шэрагу пажараў на сховішчы непатрэбных пестыцыдаў каля вёскі Дзярновічы. Нават калі выратавальнікі навялі парадак на аб'екце, ён заставаўся небяспечным з-за таго, што спецыялістаў для аховы сховішча ў мясцовых камунальшчыкаў проста не было.

Мяркуецца, што ў штаце хімічнай службы будзе сем чалавек. Два разы на дзень яны будуць аб'язджаць сховішча ў Дзярновічах і рабіць неабходныя вымярэнні. Акрамя таго, спецыялісты хімічна-радыялагічнай службы бяспекі будуць прымаць удзел у ліквідацыі аварый, звязаных са спецыфікай яе дзейнасці”.