"Ў" праводзіць акцыю: "Набудзь валянцінку — выйграй Валянціна (Акудовіча)"
Да Дня закаханых выдавецтва "Логвінаў" пры падтрымцы вядомых літаратараў выдала паштоўку са здымкам трохгадовага Валянціна Акудовіча.
Тыя, хто набудзе паштоўку, змогуць удзельнічаць у лёсаванні, падчас якога ўдзельнікі могуць выйграць рэальнага Валянціна Акудовіча. Пяцёра шчасліўцаў атрымаюць ад кнігарні "Ў" па кніжным прэзенце ці каштоўным артэфакце. А пераможца будзе узнагароджаны абдымкамі, здымкам на памяць і аўтографам філосафа, паведамляе сайт галерэі сучаснага мастацтва "Ў".
Акрамя таго акцыю "Набудзь валянцінку – выйграй Валянціна (Акудовіча)" падтрымаюць паэты: Анатоль Івашчанка, Андрэй Адамовіч, Анка Ўпала, і Севярын Квяткоўскі, якія пачытаюць вершы і замалёўкі, прысвечаныя гэтаму прасветламу дню.