У Расіі завялі справу на гаспадара кавярні, які выгнаў дзяўчыну-інваліда

Расійскі Следчы камітэт завёў крымінальную справу пасля таго, як з кавярні выгналі сястру-інваліда вядомай расійскай мадэлі і філантропа Наталлі Вадзянавай. У гэтым інцыдэнце ўбачылі дзеянні, накіраваныя на публічнае прыніжэнне чалавечай годнасці, здзейсненае з прымяненнем гвалту.

Скандальны выпадак адбыўся ў кавярні ў Ніжнім Ноўгарадзе, адкуль інваліда Аксану Вадзянаву выгналі разам з яе няней. Жанчыны зайшлі ў гэтую ўстанову адпачыць, а гаспадару кавярні не спадабалася, што яны “адпужваюць кліентаў”. Аксана Вадзянава пакутуе на ДЦП і аўтызм. Дзеля таго, каб прагнаць непажаданых гасцей, гаспадар кавярні выклікаў паліцыю.

Сястра пацярпелай — вядомая расійская супермадэль і актрыса Наталля Вадзянава. У 2004 годзе яна заснавала фонд “Аголенае сэрца”. Арганізацыя дапамагае дзецям з асаблівасцямі развіцця знайсці сям’ю, а таксама будуе дзіцячыя пляцоўкі на тэрыторыі Расіі, паведамляе tvrain.ru

Мадэль Наталля Вадзянава з сястрой Аксанай. Фота: ru.hellomagazine.com