У Рыжскім порце адбылася хімічная аварыя з беларускім кантэйнерам

У Рыжскім порце адбылася хімічная аварыя — уцечка атрутнага рэчыва ацэтонцыянгідрыну. Крыніцай яе стаў непрамыты кантэйнер, які прыбыў у Рыгу з Беларусі, з наваполацкага прадпрыемства "Палімір", паведамляе "Салідарнасць". Па словах Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы Латвіі, у кантэйнеры, дзе перавозіўся ацэтонцыянгідрын, маглі знаходзіцца рэшткі іншага рэчыва. Хімічная рэакцыя, што пачалася між двума рэчывамі, магла прывесці да таго, што кантэйнер нагрэўся і ацэтонцыянгідрын пачаў выпарацца.

Як паведамляе РІА "Новости", у ноч на 23 ліпеня ў адным з кантэйнераў у Рыжскім порце пачалася некантраляваная рэакцыя хімічных рэчываў, у выніку чаго адбылася ўцечка ацэтонцыянгідрыну — бясколернага вельмі таксічнага рэчыва. Работнікі порта выявілі ўцечку толькі раніцай. Усю раніцу пажарнікі ахалоджвалі кантэйнер і спрабавалі збіць ціск у ім. Жыхары бліжэйшых раёнаў латвійскай сталіцы былі эвакуяваныя.

Увечары 23 ліпеня пашкоджаны кантэйнер быў паспяхова вывезены за межы Рыгі. Тым не менш, як адзначаюць рыжскія эколагі, небяспечнае рэчыва трапіла ў паветра і магло разляцецца па вялікай тэрыторыі. Міністр аховы асяроддзя Латвіі Райманд Веёніс заявіў, што ў сувязі з аварыяй была ўведзеная забарона на купанне ў рацэ Даўгаве, а таксама ў Балтыйскім моры ад Царнікавы да Юрмалы. Па ягоных словах, на высвятленне ступені экалагічнай шкоды спатрэбіцца пэўны час.