У сераду па ўсходзе Беларусі чакаюцца дажджы
Дождж, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У сераду, 15 красавіка, у Беларусі прагназуецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.
Уначы будзе пераважна без ападкаў. А зранку і ўдзень па ўсходняй палове часам будуць ісці дажджы, месцамі магчымыя навальніцы. Вецер чакаецца паўночны ўмераны, удзень месцамі — парывісты.
Уначы тэрмометры пакажуць 1-6 градусаў са знакам "плюс", месцамі падмарозіць да 0...-2 градусаў. Удзень паветра прагрэецца ад +12 па ўсходзе да +20 градусаў па паўднёвым захадзе краіны.
16 і 17 красавіка чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень у асобных раёнах магчымыя навальніцы. Вецер будзе пераменных напрамкаў — ад слабога да ўмеранага, у чацвер усталюецца паўночна-заходні, удзень пры навальніцах — парывісты.
Тэрмометры ўначы пакажуць 2-8 градусаў вышэй за нуль. Удзень чакаецца 10-17 градусаў цяпла, аднак месцамі тэрмометр не пакажа вышэй за +8...+9 градусаў.