У школах увядуць факультатыў па асновах праваслаўнай культуры

Міністэрства адукацыі Беларусі і Беларускі экзархат падрыхтавалі праграму факультатыўнага курсу "Асновы праваслаўнай культуры. Святыні беларускага народа". Пра гэта паведамляе БЕЛТА са словаў міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Па словах міністра, распрацаваная калектывам аўтараў праграма заняткаў факультатыўнага курсу прапаноўваецца для вывучэння ў 1-11 класах школы. Неўзабаве яе накіруюць для разгляду і зацвярджэння ў Нацыянальны інстытут адукацыі. Міністр адукацыі адзначыў, што факультатыў заснаваны на беларускіх праваслаўных традыцыях.

Акрамя таго, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце распрацаваны курс лекцый для студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ "Методыка выкладання рэлігіязнаўства ў сярэдняй школе".

Увядзенне гэтых курсаў прадугледжанае Праграмай супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі і Беларускай праваслаўнай царквы на 2011-2015 гады.