У Скідзелі ліквідоўвалі наступствы стыхійнага бедства, якога не было

Наступствы стыхійнага бедства, якога не было, "ліквідоўвалі" чыноўнікі ў Скідзелі. Паводле ўказання намесніка старшыні Гродзенскага райвыканкама, былі складзеныя і ім жа падпісаныя фіктыўныя акт абследавання і пратакол пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях пры выканкаме.  Як паведамляе газета "Рэспубліка", у гэтых "дакументах" фіксаваліся разбурэнні, якія адбыліся год таму з-за штармавога ветру. У прыватнасці, нібыта, пацярпелі 37 будынкаў у Скідзелі. На падставе фіктыўных дакументаў Скідзельскай камунальнай гаспадарцы было выдзелена будаўнічых матэрыялаў на суму больш за 22 млн рублёў. Але як паказала праверка, іх выкарысталі на добраўпарадкаванне горада да яго юбілею.

Намесніка старшыні Гродзенскага райвыканкама пакаралі штрафам у памеры 350 тысяч рублёў, яшчэ шэсць чыноўнікаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.