У Смаргоні загінуў кіроўца, у якога скончыўся тэрмін пазбаўлення правоў

У Смаргоні загінуў кіроўца, у якога напярэдадні скончыўся трохгадовы тэрмін пазбаўлення права на кіраванне аўтамабілем. Яму трэба было здаць экзамен у ДАІ, аднак замест гэтага ён вырашыў праехаць у машыне. Мужчына на "БМВ" разам з сябрам вяртаўся з кавярні. Аднак на адной з вуліц легкавік выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем "Фольксваген". Пры гэтым ні іншага транспарту, ні пешаходаў там не было, інфармуе прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці.

Кіроўца "БМВ" загінуў на месцы. Ці быў ён у стане алкагольнага ап'янення, пакуль дакладна невядома. А вось пасажыр быў п'яны. Быў шпіталізаваны кіроўца "Фольксвагена". Прэс-служба МНС дадае, што гэта — 79-гадовы мужчына. З салона разбітай машыны яго вызвалілі ратавальнікі.

Здарэнне расследуюць супрацоўнікі ДАІ і Следчага камітэта.

Фота: МНС