У сталіцы адкрылася штогадовая выстава “Тэхна-арт” (фота)

Шосты раз у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрылася выстава “Тэхна-арт”, прысвечаная актуальнаму тэхнамастацтву. Сёлета імпрэзу адкрывала лазерна-барабаннае шоў.
Відавочна, у Мінску існуе голад на паказы з абсягаў сучаснага мастацтва. Галерэя была перапоўненая. Сярод удзельнікаў – Уладзімір Цэслер, Вадзім Качан, Андрэй Шчукін, Аляксандра Салдатава.

Гаворыць дырэктар галерэі “Універсітэт культуры” Дзяніс Барсукоў: "Сёлета “Тэхна-арт” прысвечаны жалезу. Чаму жалезу? Бо гэта аснова ўсяго, сімвал цывілізацыі".

Як тлумачаць арганізатары, жалеза бывае і халодным, і цвёрдым, і яркім, і пякучым, пра што і сведчылі творы. Хтосьці выставіў фотаздымкі на жалезную тэматыку,  хтосьці – анімацыйныя ролікі, жывапіс, а нехта – металічна-шкляныя скульптуры.

Пры тэхнічнай падтрымцы кампаніі “LG Electronics” у сутарэнні галерэі былі змешчаныя прыклады сучасных высокіх тэхналогіі – агромістыя камп'ютары і тэлевізары, на якіх наведвальнікі маглі паназіраць за дзіўнымі камп'ютарнымі гульнямі і анімацыйнымі 3D-ролікамі.

Адкрыццё выставы па традыцыі было неспадзяванкай. Гэтым разам у сутарэннях галерэі гучала барабанная музыка: барабаншчыкі гралі на драбінах пад лазерныя пошугі.

Сёлета, зрэшты, выстава была сціплейшая за мінулыя – так нам падалося.
 
Дзяніс Барсукоў: "Бо кожны “Тэхна-арт” індывідуальны. Хаця гэта адзін працэс, адзін праект, але выставы штогод адрозніваецца адна ад адной, бо і мы штогод розныя. З’яўляюцца не толькі новыя імёны, але і сталыя ўдзельнікі пераасэнсоўваюць сваю творчасць і прапануюць новыя ідэі, матэрыялы.

Выстава працуе да 23 кастрычніка.









Фота Валянціна Груздава