У суботу ў Беларусі ўдзень будзе 2-14 градусаў цяпла
У Беларусі прагназуюць плюсавыя тэмпературы / pixabay.com
У суботу, 28 лютага, у Беларусі прагназуецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.
Будзе пераважна без ападкаў. Уначы і зранку месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд. На асобных участках дарог — галалёдзіца. Вецер будзе паўднёвы, паўднёва-заходні ўмераны, уначы месцамі — парывісты.
Тэрмометры ўначы пакажуць -4...+2 градусы. Удзень прагназуецца ад 2 градусаў цяпла па ўсходзе да 14 градусаў са знакам "плюс" па паўднёвым захадзе Беларусі.
У нядзелю, 1 сакавіка, таксама чакаецца пераменная воблачнасць. Будзе пераважна без ападкаў, толькі зранку і ўдзень месцамі па паўночным захадзе краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі — пераважна дождж. У асобных раёнах будзе згушчацца слабы туман. Уначы і зранку месцамі чакаецца слабы галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Вецер будзе паўднёва-заходні, заходні ўмераны.
Тэмпература паветра ўначы складзе ад -4 да +3 градусаў, па паўднёвым усходзе краіны будзе да 6 градусаў марозу. Удзень прагназуецца 2-9 градусаў вышэй за нуль, па захадзе і поўдні Беларусі чакаецца 10-13 градусаў цяпла.